Герб Берасця: як з’явіўся галоўны сімвал горада?

Автор текста: Miкола Волкаў 05.09.2025
Раздел библиотеки: 
Гарадскія пячаткі Берасця: сімвал улады і самастойнасці горада.

15 жніўня 1390 г. стала пераломным момантам у жыцці Берасця. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла надаў яму магдэбурскае права, якое зрабіла горад самастойным (асобным суб’ектам). З гэтага часу манарх прызначаў берасцянам войта, які разам з магістратам кіраваў горадам.

Сімвал самастойнасці горада стаў яго герб. Ён таксама меў важнае практычнае значэнне, бо наяўнасць пячаткі з выявай гарадскога герба  дазвалялі завяраць важныя для горада і мяшчан дакументы. Менавіта, пячаткі – з’яўляюцца фактычна адзінай крыніцай, па якой мы даведваемся, як выглядаў і як змяняўся галоўны гарадскі сімвал. Таму, напрыклад, мы дакладна не ведаем, якіх ён быў колераў.

Не захавалася прывілея ці дакумента, у якім апісваўся б герб, невядомы і час яго надання. Верагодна, герб быў нададзены ўжо Ягайлам або Вітаўтам, які ў 1408 г. паўторна надаў гораду магдэбурскае права. Але першая вядомая пячатка Берасця з выявай гарадскога герба выяўлена на дакуменце 1543 г. Але стылістыка гэтай пячаткі сведчыць, што яе выканалі на пачатку XVI ст. Магчыма, гэта адбылося пасля нападу татараў на Берасць у 1500 г., або пры пацвярджэнні гораду магдэбурскага права. А выкарыстоўвалі гэтую пячатку амаль стагоддзе – да 1596 г.

Разгледзім бліжэй першую вядомую берасцейскую пячатку. У цэнтры яе адлюстраваны гарадскі герб у выглядзе нацягнутага лука са стралой, скіраванай уверх. Над ім бачны герб Калюмны, які лічыцца сімвалам Вітаўта або дынастыі Гедзімінавічаў. Па знешнім перыметры змешчаны надпіс “ПЕЧАТЬ МѢСТА БЕРЕСТЕИСКОГ(О)”. 

Пазней вырабляліся іншыя пячаткі, на якіх мы бачым той жа герб, але выкананы ў іншай стылістыцы. На пячатцы вырабленай у 1589 г. быў змешчаны ўжо лацінамоўны надпіс “SIGIL(LVM) CONSVL(VM) CIVIT(ATIS) BREST(ENSIS) M(AGNI) D(VCATVS) LITV(ANIAE)”. Гэтую пячатку выкарыстоўвалі да маштабная вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг., у час якой горад быў моцна знішчаны. 

Пасля вайны герб Калюмны на пячатцы быў заменены на карону. Яна абазначала, што горад быў каралеўскім, ці дзяржаўным. Асаблівай прыгажосцю выдзяляюцца пячаткі, якія магістрат выкарыстоўваў з сярэдзіны да канца XVIII ст. На іх   

Да канца XVIII ст. былі выраблены яшчэ чатыры пячаткі у рознай стылістыцы. Выява лука са стралой змешчана на стылізаваным рэнесансным шчыце, вакол якога мы бачым віты раслінны арнамент, а над шчытом – вялікую карону з пяцю флеронамі.  

Ужо напрыканцы існавання Рэчы Паспалітай у 1792 г. на пячатцы з’явіўся польскамоўны надпіс: PIECZEC [MAGISTRATU MIASTA] WOLNEGO I(EGO) K(ROLEWSKIEY) M(OSCI) [RZECZYPOS]POLIT(EY) [BRZES]CIA [WIELKI]EGO [XIESTWA L]IT[EWSKIE]GO.

Асобны ад магістрата герб і пячатку мелі лаўнікі, або суд па крымінальных справах. Герб для гэтай інстытуцыі быў нададзены ў 1554 г. Тады ж была выраблена пячатка, якая выкарыстоўвалася амаль стагоддзе – да 1651 г. На ёй мы бачым вежу-браму, якая ўзвышаецца над ракой. У гэтым можна бачыць відавочнае параўнанне з Берасцем, які доўгі час з’яўляўся важнейшым лагістычным пунктам на дарозе з Вялікага Княства Літоўскага ў Польшчу. Вакол герба мы бачым лацінамоўны надпіс: “SIGIL(L)VM SCABINORVM CIVITATIS BRESTENSIS”.

Лаўніцкі суд узначальваў войт. Таму гэтая пячатка таксама часта прыкладвалася да актаў, якія выходзілі з канцылярыі войта. Таму на пячаткі з выявай вежы, выкананыя ў другой палове XVII ст. ужо падпісваліся як войтаўскія: “SIGIL(L)VM A(D)VO(CATIALE) CIVITA(TIS) BRESTE M(AGNI) D(VCATVS) L(ITVANIAE)”.

Гарадскі герб у выглядзе нацягнутага лука са стралой, верагодна, выкарыстоўваўся ў аздабленні гарадской ратушы, а таксама рэчаў звязаных з горадам. Аднак яны не захаваліся да нашага часу. Таму асаблівае значэнне для нас маюць дакументы, на якіх можна знайсці пячаткі з гарадскім гербом, якія ставіліся напрацягу трох стагоддзяў.  

Другие материалы Библиотеки